Адным з тых, хто папоўніў склад «Мінска» перад пачаткам новага сезона, стаў Іван Драздоў. Ён з першых матчаў выдатна ўпісаўся ў склад каманды і за тры гульні набраў 3 (1+2) балы. Больш за тое, у пачатку кастрычніка Іван правёў першыя матчы за нацыянальную зборную Беларусі. Знаёмімся!

– Як ацэніш для «Мінска» пачатак сезона?

– Лічу, што пачатак выдаўся для нашай каманды нядрэнным. Мы правялі некалькі матчаў з рознага ўзроўню супернікамі і ў кожным з іх паказалі свае чэмпіёнскія амбіцыі.

– Матч супраць «Сталіцы» быў для каманды ў чымсьці асаблівым?

– Гэта дэрбі! Для нас усе матчы важныя, але ёсць асабліва важныя. Адзін з іх – гэты матч са «Сталіцай».

– Наколькі моцна хлопцы сумавалі пасля паражэння?

– Любое паражэнне хвалюе, мы не здабылі тры ачкі, не ўзначалілі турнірную табліцу, шмат прапусцілі. Таму перажыванні пасля матча, безумоўна, былі. Але нічога страшнага, мы ўсё абмеркавалі з трэнерскім штабам. Самае галоўнае цяпер – гэта вынесці ўрок з гэтага матча і рухацца далей.

– Ці можна сказаць, што ўпершыню ў кар’еры табе давялося гуляць у камандзе, на якую ўсе супернікі настройваюцца па-асабліваму?

– Не ведаю чаму лічаць, што на «Мінск» настрой у каманд асаблівы. «Мінск» чатыры гады таму і «Мінск» зараз – безумоўна, дзве абсалютна розныя каманды. І яна гэта даказала як мінімум зместам гульні, і як максімум – узяўшы два сезоны запар 3-е месца ў чэмпіянаце. Думаю, зараз каманды настройваюцца як на чарговага моцнага суперніка.

– Твой прыход у «Мінск» як і калі стаў магчымым?

– Аляксандр Міхайлавіч патэлефанаваў мне і спытаў, ці ёсць жаданне далучыцца да каманды? (Гэта было ў сярэдзіне чэрвеня, па-моему). Мы з ім пагутарылі па тэлефоне, потым сустрэліся, абмеркавалі ўмовы, дамовіліся, пасля чаго мяне анансавалі як новага гульца каманды.

– Да прыходу ў «Мінск» ты амаль кожны год мяняў каманды. З чым гэта было звязана?

– Тры гады таму я пераехаў жыць і працаваць у Мінск. Шукаў сабе каманду, пасля чаго нядоўга трэніраваўся і гуляў у «Ахове-Дынама». Але ў сілу некаторых сямейных абставінаў не змог працягнуць трэніравацца там. Праз пэўны час мне патэлефанаваў Дзмітрый Міхайлавіч Бароўскі і сказаў, што хацеў бы бачыць мяне ў камандзе, на той момант каманды у мяне ўжо не было, і я з задавальненнем далучыўся да «Дынама-БНТУ». Праз паўтара гады знаходжання ў камандзе перад пачаткам падрыхтоўкі да новага сезона мы з Дзмітрыем Міхайлавічам пагаварылі, паціснулі адзін аднаму рукі, падзякавалі за працу, і я пакінуў клуб. У Барысаў паклікаў Аляксандр Віктаравіч Данілейка. Правёў там добры сезон, атрымаў вопыт. Пасля чаго і перайшоў у «Мінск». Магчыма, умовы кожны раз станавіліся лепшымі, таму так і адбывалася са зменамі каманд.

– Пачатак сезона адзначыўся дэбютам за зборную Беларусі. Калі, пры якіх абставінах даведаўся пра выклік? Першыя эмоцыі?

– Выклік у зборную гэта, безумоўна, вельмі прыемна. Напэўна, кожны прафесійны спартсмен пра гэта задумваўся і імкнуўся да гэтага. Трапіць у зборную добра, але яшчэ лепш – трапіць і замацавацца ў ёй.

А адбылося так. Мы ехалі пасля пераможнага матча з Гродна, і па дарозе ў Мінск быў прыпынак. Да мяне падышоў Міхалыч і сказаў, што плануе выклікаць мяне ў зборную. Мы чулі, што нацыянальная каманда плануе збірацца і было цікава, каго з каманды выклічуць. У гэты раз выклікалі мяне. Я быў рады.

– Перад зборнай Расіі каленкі не дрыжалі?

– У мяне яны ў прынцыпе не дрыжаць. Але падманваць не буду: перажыванні былі. Таму што гэта ўжо іншы ўзровень, і гэтаму ўзроўню неабходна было адпавядаць тут і цяпер.

– У «Мінску» ты адразу стаў гульцом асноўнага складу. Хутка адаптаваўся да партнёраў і патрабаванняў трэнераў?

У асноўным з усімі хлопцамі быў знаёмы яшчэ да прыходу ў каманду. Таму, калі ўжо перайшоў у «Мінск», было прасцей. Адаптацыя прайшла хутка, усе прынялі добра, за гэта ім вялікі дзякуй.

– Ты служыш у МНС. Раскажы заўзятарам, што ўваходзіць у твае абавязкі?

– Працую ў ПАСЧ-21 у заводскім РАНС. Хаджу на суткі ў 7.30 раніцы. Адны суткі працую, двое дома. И так па крузе. На самай справе пра МНС можна вельмі шмат і доўга распавядаць, Але асноўнае, чым мы займаемся, гэта выязджаем на рознага роду надзвычайныя сітуацыі.

– Калі раптам давядзецца зрабіць выбар: футзал або МНС?

– Футзал.

Новости команды

Читайте также

Меню