Пасля нічэйнай гульні супраць “Сталіцы” галоўны трэнер “Мінска” Аляксандр Чэрнік распавёў пра падрыхтоўку да сустрэчы, а таксама пра план на гульню супраць чэмпіёна.
– Улічвалі кадравыя праблемы суперніка?
– Былі чуткі, што ў “Сталіцы” існуюць пэўныя праблемы са складам, але на іх не звярталі ўвагі. Я лічу, што ў першую чаргу трэба звяртаць ўвагу на свою падрыхтоўку. Ведалі, што дакладна не будуць гуляць Козел і Лавор, а пра астатніх я нават казаў хлопцам, каб не звярталі ўвагі. Тым больш мы правялі некалькі якасных трэніровак ва “Уручча”, таму прызвычаіліся да пакрыцця і спецыфікі гульнявога зала. У некаторай ступені нам гэта дапамагло.
– Псіхалагічна каманда аказалася падрыхтавана тройчы весці ў ліку ў матчы з чэмпіёнам?
– Наколькі я зразумеў, хлопцам было без розніцы – чэмпіён перад імі ці не. Адзінае трымалі ў памяці, што часта будзе падключацца галкіпер. Да гэтага рыхтаваліся.
– Двойчы атрымаліся стандарты. Загатоўкі ці спантанныя розыгрышы?
– Хутчэй спантанныя. У першым выпадку выдатна “падчысцілі пятак”, а ў другім Дубкоў спрацаваў на выкананне, знайшоў хіб у сценцы. А трэці мяч – індывідуальнае майстэрства Зуёнка. Арцём выдатна развярнуў апанента і прыцэльна прабіў. Лічу, што ўсе тры нашы мячы атрымаліся па-свойму прыгожымі.
– Рыхтаваліся да гульні “4х5”?
– Як раз рыхтавалі на трэніроўках гуляць “5х4”, аднак па ходу матча прыйшлося перабудоўвацца і дзейнічаць “4х5” прычым у дзвух чацвёртах. Так атрымалася, што “Сталіца” амаль палову тайма дзейнічала ў пяць палявых гульцоў. З гэтым момантам, лічу, не справіліся. “Сталіца”, сапраўды, здорава згуляла пры гэтым кампаненце. Але, калі пры другім мячы сапраўды гаспадары ўсё разыгралі як па нотах, то Умпіровіч проста ўдала прабіў – магчыма, Чурылін і не бачыў моманту ўдара.
– Зараз пасля цяжкіх трох матчаў паўза. Гэта плюс для каманды?
– Згодзен, што графік быў цяжкім. А ці на карысць паўза – паглядзім. Аднак мне не хацелася б, каб каманда выпадала з гульнёвага рытма. Ды і ў табліцы ёсць незразумеласць. Аднак дадзім хлопцам пару дзён адпачынку. Сёння паглядзім “Барысаў-900” супраць ВРЗ. Планую з’ездзіць праз тыдзень у Барысаў, каб паглядзець гульню каманды супраць “Сталіцы” навідавоку.
І напрыканцы. Ад імя каманды хачу сказаць шчыры дзякуй нашым заўзятарам. З першых хвілін матча мы адчувалі, што гуляем на хатняй пляцоўцы. Не дарэмна поўныя трыбуны на МАПІДзе пераносяцца на іншыя мінскія пляцоўкі. Мы гуляем для Вас!