Апошні хатні матч у сезоне ў чарговы раз даказаў, што ў “Мінска” ёсць характар, стрыжань, мужнасць, непакорнасць, хладнакроўе, вернасць сваім заўзятарам. Пералічваць эпітэты можна доўга. Але рысай пад імі – бронзавыя медалі чемпіяната Беларусі. Другія запар!
З першых хвілін супернікі паказалі, што прапануюць адзін аднаму актыўную гульню. Ужо на другой хвіліне Беланожка з шасці метраў прабіў вышэй варот, праз тры хвіліны цудоўная магчымасць была ў Сілівончыка – з блізкай адлегласці трапіў у знешні бок сеткі. Хутка выхад адзін на адзін не рэалізаваў зноў жа Беланожка – Чурылін выратаваў. БЧ адразу пачала падключаць галкіпера Петухова. Гэтым спрабавалі скарыстацца “гараджане”. Аднак з упэўненасцю можна сказаць, што дэбют застаўся за гасцямі.

Адным словам, першы гол “БЧ” нечаканасцю не стаў. Зуенак і Астэртах не зразумелі адзін аднаго, Сілівончык перахапіў мяч, а эпізод завяршыў Кніга. Праз пяць хвілін контратака атрымалася ўжо ў “Мінска”. Дзяніс Семянюк разам з Дубковым скарысталіся памылкай Кнігі, адарваліся “2 у 1”, і Юрый забіў у пустыя вароты. У выніку першы тайм завяршыўся заканамернай ніч’ей.

Другі тайм пачаўся так, што гледачы не паспелі зразумець што да чаго. Ужо на 11-й секунде Еўдакімаў праверыў на левай броўцы Дубкова і прабіў Чурыліна. Аднак праз 47 секунд Альшэўскі трапна навесіў на Сініцкага, які галавой пераправіў мяч у сетку. А на пачатку 25-й хвіліны госці разыгралі атаку “3 на 3” з вывадам пад удар Еўдакімава, які аформіў дубль. Неўзабаве праз пяць хвілін ён забіў і трэці гол, калі працягнуў мяч праз усю пляцоўку па левым фланзе.

За пяць хвілін да сірэны “Мінск” пачаў дзейнічаць з “ганялам”. І гульня ў большасйці спрацавала! Спачатку мяч рыкашэтам заляцеў ад Еўдакімава, а за 1.27 да заканчэння другога тайма Андрэй Семянюк лік зраўняў.

Як і ў мінулым матчы спатрэбіўся дадатковы час. І, як і ў мінулым матчы “Мінск” даціснуў БЧ. За 1.47 да заканчэння гульнявога часу у “гараджан” атрымалася выдатная пазіцыйная атака. 11 дакладных перадач максімум у два касанні, выдатны пракід мяча Астэртаха па левай броўцы, выдатны пас Дзяніса Семенюка – і каронная левая Дубкова ставіць кропку ў бронзавай серыі. Проста неверагодны розыгрыш мяча!

Ну а потым было яднанне балельшчыкаў, гульцоў, трэнераў. Пагадзіцеся, у мінулым сезоне было лікаванне ад чагосьці новага, нечаканага. Зараз радасць іншая – ад таго, што яны даказалі невыпадковасць мінулага поспеху.

Шаноўныя, любімыя, дарагія! Ад імя каманды ШЧЫРЫ ДЗЯКУЙ за сезон, падтрымку, хваляванні, эмоцыі!

У выдатным настроі ідзем у адпачынак, набіраемся сіл, эмоцый. І да сустрэчы на наступным сезоне.

Мінск (Мінск) – БЧ (Гомель) – 5:4 (д.ч. 1:1, 4:4)
Мінск. 1 чэрвеня. Палац спорта “Уручча”. 700 гледачоў. Пачатак у 19.00.
Суддзі: М.Дзейкала (Мінск), В.Паўлюць (Гродна). Трэці суддзя: Я.Патапук (Мінск). Інспектар: У.Леўчанка (Мінск).
Мінск: Чурылін; Астэртах – Дубкоў – Дз.Семянюк (к) – А.Семянюк; Альшэўскі – Зуенак – Сініцкі – Крывіцкі. Запасныя: Падабед, Антонаў, Рубніковіч, Колб, Башлаеў.
БЧ.: Петухоў (Чыпуліс, 33.27); Кніга – Еўдакімаў – Сілівончык – Пераміцін; Кускоў (к) – Амплееў – Ганчароў – Беланожка; Кандратовіч.
Мячы: 0:1 – Кніга (7.24, пас – Сілівончык). 1:1 – Дубкоў (12.41, пас – Дз.Семянюк). 1:2 – Еўдакімаў (20.11, пас – Пераміцін). 2:2 – Сініцкі (20.58, пас – Альшэўскі). 2:3 – Еўдакімаў (24.07, пас – Кніга). 2:4 – Еўдакімаў (29.51, пас – Петухоў). 3:4 – Еўдакімаў (35.29, у свае вароты, пас – Дубкоў). 4:4 – А.Семянюк (38.27, пас – Сініцкі). 5:4 – Дубкоў (44.13, пас – Дз.Семянюк).
Папярэджанні: Чурылін (32.29, дэманстрацыя непагаджэння), Зуенак (33.12, затрымка суперніка), Амплееў (41.33, дэманстрацыя непагаджэння), Дубкоў (42.55, грубая гульня).
Фалы: 3 – 1; 4 – 3.

Новости команды

Читайте также

Меню