Адным з самых вопытных і тутылаваных гульцоў «Мінска» з’яўляецца Андрэй Чурылін. У яго калекцыі па шэсць чэмпіёнстваў, срэбраных і бронзавых медалёў. Зараз траўма не дазваляе галкіперу выходзіць на паркет.

– Спачатку раскажы, калі плануеш прыступіць да трэніровак?
– Я ўжо распрацоўваю калена па праграме, складзенай у РНПЦ спорту. А да каманды планую далучыцца з наступнага тыдня. Буду трэніравацца сам, ды і Саша з Максімам ужо засумавалі па маіх практыкаваннях.
– Наколькі складаней у такой сітуацыі займацца з галкіперамі?
– Даводзіцца паказваць відэа і распавядаць некаторыя нюансы. Вядома, нашмат прасцей, калі ты сам можаш паказаць, што патрабуецца рабіць, і разам трэніруешся. Спадзяюся, хутка падключуся паўнавартасна.
– У пачатку сезона ты так і не выйшаў у стартавым складзе. Сам вырашаў, што гуляць будзе Антонаў?
– Я атрымаў траўму як раз перад першым турам, і трэнерскі штаб прыняў рашэнне ў стартавым складзе выпускаць Антонава. Вядома, пры неабходнасці я б выйшаў на пляцоўку і дапамаг. Добра, што да гэтага не дайшло.
– «Мінск» прапускае няшмат. Выключэнне – матч са «Сталіцай». Былі ў той гульні менавіта «брамнікавыя» галы?
– Тое, што каманда мала прапускае, не толькі заслуга нашай лініі. Гэта заслуга ўсёй каманды. А ў матчы са «Сталіцай» былі моманты, дзе можна было згуляць і лепей.
– Раскажы, асобна з галкіперамі разбіраеце свае дзеянні, гульню будучага суперніка?
– Разбіраем і свае дзеянні, і суперніка. У кожным клубе ёсць выканаўцы ці нарыхтоўкі, на якія варта звярнуць увагу.
– У тваім разуменні брамнік павінен гуляць пастаянна або для цябе лепш, калі ў камандзе два раўнацэнных галкіпера?
–Зразумела, што гульнявую практыку трэба атрымліваць, але без канкурэнцыі будзе прыпыняцца прагрэс. Таму маё меркаванне, што ў камандзе павінна быць два, а то і тры годныя брамнікі, і даваць, па магчымасці, практыку ўсім.
– За сваю кар’еру з кім з калег даўжэй за ўсіх быў у адной камандзе? З кім было найбольш камфортна працаваць?
– Самы працяглы час я быў з Дзімам Ачапоўскім. Ён да таго часу быў найлепшым брамнікам краіны, а я маладым і перспектыўным. Ён мне шмат падказваў і раіў. І чалавек ён выдатны, з ім было камфортна працаваць. Прывітанне яму вялікае.
– За кім з абаронцаў адчуваў сябе максімальна ўпэўнена? (Аляксандра Мікалаевіча Альшэўскага не называй).
– Ды са многімі адчуваў сябе спакойна: Елісееў, Ванчукевіч, Хмяльніцкі, Лушкоўскі, Раговік, Батурын, Чыбісаў. Напэўна, галоўнае, знайсці агульную мову і вырашыць, як дзейнічаць у тых ці іншых сітуацыях.
– Твой пераход з «Вітэна» ў «Мінск» быў нечаканым. Чаму тады прыняў рашэнне змяніць клуб і стаць гульцом «Мінска»?
– Гэта было абдуманае і ўзважанае рашэнне. Мы шмат размаўлялі з Аляксандрам Міхайлавічам Чэрнікам, і мне было цікава дапамагчы маладому амбіцыёзнаму праекту выйсці на новы ўзровень. Таксама хацеў паспрабаваць папрацаваць з маладымі брамнікамі Антонавым, Петуховым, Падабедам. У мяне ёсць сваё бачанне і думкі, як іх патрэніраваць. Плюс сямейныя абставіны. Таму для мяне гэта не нечаканае рашэнне.
– Здалося, што ты прыходзіў у «Мінск» дагульваць. Чакаў, што будзеш адчуваць новыя эмоцыі пасля чэмпіёнстваў у папярэдніх клубах?
– Я прыходзіў гуляць і дапамагаць брамнікам зайграць на добрым узроўні. А эмоцыі заўсёды розныя: з рознымі клубамі, партнёрамі, у розных месцах і эмоцыі непаўторныя.
– На твой погляд, галоўныя фактары таго, што за два сезоны каманда вельмі моцна змянілася?
– Каманда набіраецца вопыту, уключаючы трэнерскі штаб. Гне сваю лінію, мае свой почырк, гэта прыносіць свой плён.
– Як быць у камандзе самым вопытным і тытулаваным гульцом?
– Я на гэта не звяртаю ўвагу. А партнёры, бывае, раяцца, як паступіць у той ці іншай сітуацыі. Стараюся дапамагчы ўсім.
– Якая матывацыя ў цябе як гульца на гэты сезон?
– Аднавіцца пасля траўмы і з’явіцца на паркеце. А таксама, каб клуб выступіў лепш, чым у мінулым сезоне. Таму задача – мінімум фінал!

Новости команды

Читайте также

Меню