Перад пачаткам сезона галоўны трэнер МФК «Мінск» Аляксандр Чэрнік расказаў прэс-службе пра падрыхтоўку каманды і яе гатоўнасць да чэмпіяната, які стартуе ў гэту суботу.
– Ці задаволеныя падрыхтоўкай да сезона? Усё, што запланавалі, атрымалася здзейсніць?
– Так, у цэлым падрыхтоўкай задаволены. Мы правялі якасны першы збор на базе ФК “Мінск”. Падчас яго хлопцы паступова ўваходзілі ў працоўны рытм. У нашым распараджэнні былі пляцоўка для гульні ў футбол, саўна, трэнажорная зала. Адным словам, усё, што патрэбна для першага этапа падрыхтоўкі.
Затым цудоўна і якасна папрацавалі на зборах у Стоўбцах, дзе працавалі ў двухразовым рэжыме. Працягнулі падрыхтоўку ўжо на сваёй базе ў спартыўным комплексе МАПІД. Адзінае, трэнерскаму штабу даводзілася адлучацца па справах нацыянальных зборных. Аднак што датычыцца непасрэдна падрыхтоўкі каманды, то ўсё запланаванае выканалі ў поўным аб’ёме.
– Як прайшла адаптацыя новых гульцоў?
– Як такой адаптацыі і не было. Хлопцы вельмі хутка ўпісаліся ў калектыў. Бачна, што ім прыйшоўся да густу той футзал, які мы прывіваем. У хлопцаў гараць вочы, на трэніроўках працуюць з імпэтам. Важна, што з усімі прыемна мець стасункі як падчас трэніровак, так і за межамі пляцоўкі. Усе цікавыя, адкрытыя, з пачуццём гумару. Скажу так: мне кожны з нашых новых футбалістаў з усіх бакоў імпануе.
– Ці вызначыліся з гульнявымі спалучэннямі?
– У мяне такое бачанне футзала, што я не хачу заганяць гульцоў у рамкі. Імкнуся, каб было агульнае разуменне, каб кожны мог згуляць у любой чацвёрцы.
Так, ёсць у футбалістаў пэўныя якасці, якія мы вакарыстоўваем. Але калі казаць ў цэлым, то кожны павінен выйсці і згуляць у любым спалучэнні. Мы не адпрацоўваем пад канкрэтную чацвёрку стандарты ці схемы. Назіраем, як гуляюць лепшыя зборныя і клубы, імкнемся прытрымлівацца падобнага стылю. Магчыма, таму гульцам і лягчэй адаптавацца пад любога партнёра.
– Прагаварвалі камандзе задачы на сезон?
– Колькі існуе наша каманда, мы ніколі перад сезонам не агучваем ніякіх задач. Я не люблю банальныя словы, кшталту, перамагаць у кожным матчы. Наша матывацыя, наша праца прадугледжваюць гуляць на перамогу. Так імкнемся рабіць з сезона ў сезон.
Аднак мы рэальна ацэньваем свае сілы, фінансавыя рэсурсы пры камплектаванні каманды. Там не менш, заўсёды падскоквалі вышэй за галаву. Нават у першых сезонах, калі ў нас мала хто верыў.
Таксама будзем імкнуцца выконваць свой максімум і цяпер. Каб не было сорамна адзін перад адным. А ўжо як шчыра і аддана мы будзем працаваць, нас ацэняць зверху.