Заўсёды цікава пазнаёміцца з новым гульцом каманды. Аднак перад першым хатнім матчам супраць БЧ найбольш удалай кандыдатурай для размовы быў Раман Беланожка. Універсал дэбютаваў за «Мінск» дублем у вароты «Дарожніка», а ў мінулым сезоне абараняў колеры чыгуначнікаў.

– Дэбют за «Мінск» запомніцца дублем у вароты «Дарожніка»?

– Дакладна. Бо кожны гол запамінаецца, а яшчэ і дубль у дэбютным матчы.

– Здалося, што на пляцоўцы было добрае ўзаемадзеянне ці яшчэ шмат працы?

– Мы гуляем «пяцёркай» і мяняемся па адным. З Дзянісам Семянюком гулялі разам у «Дынама»-БНТУ пад кіраўніцтвам Валерыя Драчэўскага. Хоць ён нам і не даваў гуляць у адной чацвёрцы, але яшчэ з тых часоў паразуменне і некалькі камбінацый засталіся. З Іванам Драздовым таксама гулялі за «Дынама»-БНТУ, толькі ўжо пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Бароўскага. У цэлым узаемадзеянне добрае. Але Аляксандр Міхайлавіч Чэрнік кажа, што яшчэ трэба дабаўляць.

– Якую ролю на пляцоўцы вызначылі для цябе трэнеры?

– Як такой ролі няма. Міні-футбол вельмі дынамічная гульня, таму трэба ўмець гуляць усюды. Трэнеры патрабуюць гуляць у хуткі і шчыльны пас з убяганнямі і падладжваннем. Але мне зручней гуляць злева ў краі або разыгрываючым.

– Сённяшні матч супраць БЧ, за якую ты выступаў у мінулым сезоне. Гульня для цябе важная?

– Для мяне кожная гульня прынцыповая, у кожнай хочацца перамагчы. Зразумела, што буду гуляць супраць былых партнёраў па камандзе. Але настрой як і на ўсе гульні – баявы.

– Чаму не атрымалася да канца раскрыцца ў БЧ?

– Добрае пытанне. Думаю, таму што прыйшоў у каманду пасля траўмы «крыжоў». Год быў без гульнявой практыкі. І гэта адчувалася. Тым больш БЧ змагаецца за самыя высокія месцы і мае ў абойме добрых футбалістаў. Канкурыраваць у той момант з такімі хлопцамі было складана.

– Як узнік варыянт твайго прыходу ў «Мінск»?

– З Аляксандрам Міхайлавічам даўно быў на сувязі. Два гады таму, калі я быў у «Дынама»-БНТУ, ён хацеў бачыць мяне ў «Мінску». Але тады я вырашыў застацца. І ў мінулым сезоне пасля першага круга быццам бы ўжо дамовіўся аб пераходзе, але Дзмітрый Валер’евіч Некрашэвіч сказаў, што разлічвае на мяне. І я застаўся ў БЧ. Цяпер жа кантракт скончыўся, стэлефанаваліся з Міхайлавічам і дамовіліся аб усім.

– Першыя ўражанні ад знаходжання ў камандзе? Адаптацыя ў калектыве?

– Толькі станоўчыя! Арганізацыя ўсіх працэсаў на вышэйшым узроўні, з такімі адносінамі адчуваеш сябе камфортна. А адаптацыі як такой і не было. З многімі хлопцамі быў знаёмы, таму ўсё прайшло лёгка.

– Футзальную кар’еру ты пачаў у «Дынама»-БНТУ. Успомні той этап.

– Я гуляў у вялікі футбол за дзяржынскую каманду «Лівадыя» ў другой лізе чэмпіяната Беларусі. Потым прыйшлося ў войска схадзіць. Там паўдзельнічаў у турнірах па міні-футболе, нават гуляў супраць «Аховы-Дынама». Пасля войска гуляў у чэмпіянаце Мінск за «Агракамбінат Дзяржынскі». І тады Віктар Юрага прапанаваў паспрабаваць свае сілы ў вышэйшай лізе. Я адказаў, што калі ёсьць магчымасць у «Дынама»-БНТУ, тады паспрабую. Тады там гуляў мой брат Руслан Гаркун. Юрага патэлефанаваў Валерыю Віктаравічы і дамовіўся аб праглядзе. Калі прыйшоў, здарыўся цікавы момант. Кажу: «Я ад Віці Юрагі». А Віктаравіч: «О, нарэшце! Заўтра пашпарт і фатаграфіі прынясеш, заяўляем у вышэйшую лігу». Ён нават не паглядзеў, ці магу я тры разы мяч набіць. Цяпер смешна, а тады быў у шоку. У першым матчы са «Шчучынам» прасядзеў на замене, а ў другім з УУС-«Дынама» адразу ж забіў.

– Якую частку жыцця займае футзал?

– Мы прафесіяналы і павінны цалкам прысвячаць сябе гэтаму віду спорту. Таму футзал займае асноўную частку жыцця. Я з дзяцінства хацеў гуляць, выйграваць і развівацца менавіта ў футболе. Ну і зарабляць:)

– Што цікавіць, апроч яго?

– Спрабую гуляць у шахматы. З Дзянісам Семянюком у нас пастаянныя спарынгі. Гуляем адразу па 2-3 партыі. Пасля трэніровак люблю паглядзець серыялы. Нядаўна пачаў спрабаваць трэніраваць дзяцей. Ад іх эмоцый моцна зараджаешся. А на выхадных сустракаемся з сябрамі.

Новости команды

Читайте также

Меню